
Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым завяршыла першы Дзень Мінска маштабным бізнес-форумам у Казані. Мерапрыемства стала каталізатарам для новых праектаў паміж Мінскам і Казанню. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі кіраўнікі і спецыялісты больш як 20 прадпрыемстваў, больш як 100 удзельнікаў з казанскага боку наведалі бізнес-форум і прынялі ўдзел у двухбаковых перагаворах.
Вынік дзелавога мерапрыемства – 7 падпісаных пагадненняў і кантрактаў у розных сферах: ад лічбавых тэхналогій да аграпрама.
Мінскае аддзяленне БелГПП выступіла арганізатарам бізнес-форуму «Мінск і Казань: пабрацімства – новы драйвер развіцця». Генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка адзначыў: «Мінск і Казань звязвае не проста супрацоўніцтва, а 28 гадоў партнёрства – з 1997 года мы вычыліся адзін у аднаго, абменьваліся вопытам, ажыццяўлялі сумесныя праекты. І вось у снежні 2024 года наша дружба перайшла на новы ўзровень: падпісана пагадненне аб пабрацімстве, і Казань стала 37-м горадам у гэтым ганаровым спісе. Гэта не лічба, а сімвал: Мінск адкрыты свету, але цэніць правераных часам партнёраў. Сённяшні форум – лагічны працяг гэтай гісторыі. Мы тут, каб пераўтварыць пабрацімства ў рабочы інструмент для эканомікі, культуры, тэхналогій. Задача гэтага мерапрыемства – не проста абмяняцца візіткамі, а запусціць канкрэтныя праекты».
Форум стаў пляцоўкай для стратэгічнай дыскусіі аб развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, лічбавай трансфармацыі эканомікі і рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў.
Беларуская дэлегацыя наведала ключавыя арганізацыі і прадпрыемствы Казані, у тым ліку Агенцтва інвестыцыйнага развіцця Рэспублікі Татарстан.
А закончыўся першы дзень тэатральна-музычным праектам «Прыгажосць беларускай зямлі», які наведала кіраўніцтва, жыхары і госці Казані.
Акрамя дзелавой праграмы, у рамках Дзён Мінска адбыліся культурныя і спартыўныя мерапрыемствы: футбольны матч паміж навучэнцамі спартыўных школ Мінска і Казані, фотавыстаўка «Адроджаны з руін» у культурным цэнтры «Сайдаш». З 10 па 15 чэрвеня ў аграпрамысловым парку «Казань» працуе кірмаш беларускіх тавараў, дзе прадстаўлены прадукты харчавання, тэкстыль і тэхніка ад беларускіх вытворцаў.