11–12 чэрвеня 2025 года ва Уфе, сталіцы Башкартастана, праходзяць Дні Мінска – маштабнае мерапрыемства, якое аб’яднала дзелавую, культурную і гуманітарную праграмы. Цэнтральнай падзеяй стаў бізнес-форум «Мінск і Уфа: пабрацімства – новы драйвер развіцця», арганізаваны Мінскім аддзяленнем БелГПП, які сабраў прадстаўнікоў улады і бізнесу двух гарадоў для абмеркавання перспектыў супрацоўніцтва і абмену вопытам.
Мадэратарам форуму выступіў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Набешка. У сваім уступным слове ён падкрэсліў:
«Пабрацімскія адносіны паміж Мінскам і Уфой становяцца не толькі сімвалам дружбы, але і рэальным інструментам для запуску новых сумесных праектаў, абмену вопытам і пашырэння эканамічных гарызонтаў».
З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў і кіраўнік адміністрацыі гарадскога округа Уфа Рэспублікі Башкартастан Ратмір Маўліеў. Абодва лідары адзначылі важнасць умацавання міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы, што партнёрства гарадоў выходзіць за рамкі эканомікі, закранаючы сацыяльную сферу, культуру, адукацыю і спорт.
Пленарная сесія бізнес-форуму стала пляцоўкай для абмеркавання стратэгічных вектараў развіцця партнёрства паміж Мінскам і Уфой. У цэнтры ўвагі былі тэмы, якія адлюстроўваюць сучасныя выклікі і магчымасці для паглыблення двухбаковых сувязей.
Удзельнікі форуму адзначылі важную ролю інстытутаў падтрымкі бізнесу ў фарміраванні ўстойлівых эканамічных адносін паміж гарадамі. Асаблівы акцэнт быў зроблены на мадэрнізацыі прамысловых тэрыторый, дзе традыцыйныя вытворчыя пляцоўкі трансфармуюцца ў сучасныя інавацыйныя цэнтры, здольныя прыцягваць інвестыцыі і ствараць новыя працоўныя месцы.
Значнай часткай форуму стала цырымонія падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі сталіц. Мінскім аддзяленнем БелГПП падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з ГПП Рэспублікі Башкартастан. Гэты дакумент адкрывае новыя магчымасці для ўмацавання дзелавых сувязей і пашырэння эканамічнага ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі.
Па заканчэнні пленарнай сесіі дэлегацыі працягнулі работу на пляцоўцы Гандлёва-прамысловай палаты Рэспублікі Башкартастан, дзе адбыліся двухбаковыя перагаворы паміж беларускімі і ўфімскімі кампаніямі. Гэта дазволіла ўдзельнікам не толькі абмеркаваць перспектыўныя праекты, але і замацаваць канкрэтныя дамоўленасці аб сумеснай дзейнасці, накіраваныя на развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, а таксама падпісаць кантракты.
Акрамя бізнес-форуму, жыхароў і гасцей Уфы чакае насычаная праграма:
– Кірмаш беларускіх тавараў – магчымасць чарговы раз пераканацца ў высокай якасці беларускай прадукцыі (адбудзецца з 10 па 15 мая).
– Канцэрт «Мінск вітае сяброў» – дзе культура размаўляе на мове, зразумелай без перакладу.
– Спартыўныя мерапрыемствы – сімвал здаровай канкурэнцыі і адзінства.