
Генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка прыняў удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Іран. На адкрыцці канферэнцыі прывіталі ўсіх удзельнікаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Алірэза Санеі, рэктар БДУ Андрэй Кароль, якія адзначылі, што мерапрыемства з'яўляецца важным крокам да паглыблення партнёрскіх адносін Беларусі і Ірана і будзе садзейнічаць іх развіццю ў галіне адукацыі, навукі і культуры. У сваім выступленні Сяргей Набешка зрабіў акцэнт на садзейнічанні БелГПП у развіцці беларуска-іранскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, наяўных інструментах і магчымасцях, дзякуючы якім на пастаяннай аснове праводзяцца сумесныя мерапрыемствы знешнеэканамічнага характару па лініі гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін, якія надаюць імпульс развіццю адносін у гандлёва-эканамічнай сферы, прамысловай кааперацыі, інвестыцыйным супрацоўніцтве.
Так, па выніках арганізаванага Мінскім аддзяленнем БелГПП візіту бізнес-дэлегацыі беларускіх прадпрыемстваў у Тэгеран у кастрычніку 2023 г., было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аддзяленнем БелГПП і Тэгеранскай палатай гандлю, прамысловасці, шахт і сельскай гаспадаркі, павялічаны аб'ёмы паставак беленай цэлюлозы ў Іран, намечаны папярэднія дамоўленасці па супрацоўніцтве ў сферы машынабудавання, харчовай прамысловасці, сферы паслуг.
У рамках канферэнцыі з тэматычнымі дакладамі таксама выступілі прадстаўнікі МЗС Беларусі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, Нацыянальнай бібліятэкі, НАН Беларусі і інш.