Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў прымае ўдзел у мерапрыемствах XXVII Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, які праходзіць 5–8 чэрвеня ў Паўночнай сталіцы Расійскай Федэрацыі.
Дзелавая праграма Форума традыцыйна прысвечана пытанням глабальнай і расійскай эканомікі, сацыяльным пытанням і развіццю тэхналогій.
6 чэрвеня старшыня БелГПП прыняў удзел у рабоце дзвюх сесій Форума – «Перспектывы развіцця дзелавога супрацоўніцтва ў рамках ШАС у сучасных умовах» і «Саюзная дзяржава: 25 гадоў інтэграцыі – вынікі і новыя задачы».
У апошні час расце аўтарытэт і значнасць Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва на сусветнай арэне. Арганізацыя актыўна пашыраецца, усё большая колькасць дзяржаў праяўляе цікавасць да ўдзелу ў яе рабоце. З улікам магутнага эканамічнага і чалавечага патэнцыялу краін, якія ў яе ўваходзяць у ШАС, можна сказаць, што гэтая арганізацыя заклікана стаць новым цэнтрам эканамічнай сілы ў свеце.
Удзельнікі сесіі абмеркавалі патэнцыял ШАС для развіцця практычнага ўзаемадзеяння на ўзроўні бізнесу, пытанні выкарыстання магчымасцей бізнесу ў мэтах рэалізацыі Стратэгіі эканамічнага развіцця ШАС да 2030 года, перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў галіне транспарту, энергетыкі, «зялёнай» эканомікі, цыфравізацыі і штучнага інтэлекту, практычныя меры для садзейнічання прасоўванню дзелавога парадку дня ў гэтых абласцях.
Міхаіл Мятлікаў у сваім выступленні на сесіі адзначыў, што гэты год мае асаблівае значэнне для ўзаемадзеяння Рэспублікі Беларусь з ШАС: краіна стане дзяржавай-членам гэтай арганізацыі. «Пры гэтым Беларусь – не навічок на пляцоўцы ШАС, – падкрэсліў старшыня БелГПП. – З 2010 года мы ўдзельнічаем у арганізацыі ў якасці партнёра па дыялогу, з 2015 года – у статусе назіральніка. Таму выбар на карысць павышэння ўзроўню супрацоўніцтва – вынік шматгадовай прадуктыўнай сумеснай працы».
Ён высока ацаніў магчымасці і патэнцыял гэтага аб'яднання: «Як найбуйнейшая асацыяцыя беларускага бізнесу мы бачым значны патэнцыял у эканамічным супрацоўніцтве на пляцоўцы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, мы зацікаўлены ў яго развіцці. Беларуская гандлёва-прамысловая палата мае намер прымаць актыўны ўдзел у ініцыятывах у рамках ШАС і працы Дзелавога савета».
Старшыня БелГПП таксама падкрэсліў, што Беларусь ідзе ў ШАС «не з пустымі рукамі», а з ідэямі і прапановамі па сумеснай рабоце. У ліку прыярытэтаў наступныя: умацаванне эканамічных сувязей і развіццё прамысловай кааперацыі; фарміраванне эфектыўных форм і пляцовак для ўзаемадзеяння бізнесу – напрыклад, у развіцці міжнародных выставачных праектаў; практычная дапамога бізнесу ў рамках правядзення знешнеэканамічных аперацый.
«Гандлёва-прамысловыя палаты маюць сур'ёзны вопыт і неабходную інфраструктуру для аказання садзейнічання па гэтых пытаннях. Яе неабходна выкарыстоўваць, – адзначыў Міхаіл Мятлікаў. – Мяркую, што аб'яднанне намаганняў у тым ліку па названых напрамках дасць магчымасць раскрыць патэнцыял інтэграцыі, забяспечыць развіццё гандлёва-эканамічных адносін паміж дзяржавамі ШАС».
На сесіі «Саюзная дзяржава: 25 гадоў інтэграцыі – вынікі і новыя задачы» ўдзельнікі абмеркавалі перавагі фармату Саюзнай дзяржавы ў параўнанні з іншымі аб'яднаннямі, падвялі вынікі работы ў рамках асноўных напрамкаў інтэграцыі на 2024-2026 гады па пытаннях стварэння адзінай эканамічнай прасторы, правядзення ўзгодненай палітыкі у навукова-тэхнічнай, сацыяльнай і культурна-гуманітарнай галінах, маладзёжнай і інфармацыйнай сферах, вызначылі тыя напрамкі, якія патрабуюць большай канцэнтрацыі намаганняў.
Адзначана, што праведзеная за 25 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы работа дала магчымасць істотна рушыць наперад у гарманізацыі і уніфікацыі заканадаўства ў розных галінах эканомікі, фарміраванні агульных рынкаў і выраўноўванні ўмоў гаспадарання эканамічных аператараў дзвюх краін.
Міхаіл Мятлікаў на гэтай сесіі прывёў прыклады прадуктыўнага міжпалатаўскага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, у тым ліку на ўзроўні рэгіёнаў.
Акрамя таго, кіраўнік БелГПП зрабіў акцэнт на некаторых існуючых праблемных пытаннях інтэграцыі, а таксама на неабходнасці рэальнай інтэграцыі прамысловых палітык дзвюх краін, стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання, забеспячэння безбар'ернага доступу да закупак і субсідый, узгаднення адзіных мер абароны ўнутранага рынку, пашырэння кааперацыйных сувязей і далейшага росту сумеснай прадукцыі з высокай дзеллю лакалізацыі вытворчасці.
«Інтэграцыя прамысловых палітык – гэта факт, які адбыўся ў падпісаным пагадненні аб адзінай прамысловай палітыцы. Пры гэтым наша задача – не замяніць адных замежных пастаўшчыкоў іншымі ў рамках «чыстага імпарту», а замясціць вызваленыя нішы за кошт унутранай кааперацыі з уцягваннем у дадзеную працу не толькі буйных прамысловых гігантаў, але і прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, кампаній з рэгіёнаў.
Акрамя таго, у развіцці прамысловай кааперацыі трэба глядзець наперад: ствараць умовы для запатрабаванасці саюзнай прадукцыі, будучы рынак збыту, каб прадпрыемствы, якія вырашылі вырабляць сумесна прадукцыю, адчувалі ўпэўненасць у будучым і не баяліся інвесціраваць.
У сувязі з гэтым важна забяспечыць безбар'ерны ўзаемны доступ да закупак і субсідый. Гэта неабходная ўмова стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання», – адзначыў старшыня БелГПП.
Па выніках выступлення мадэратар сесіі – Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў унёс прапанову аб падрабязным абмеркаванні ўзнятых старшынёй БелГПП пытанняў на пляцоўках маючых адбыцца мерапрыемстваў з удзелам бізнесу Беларусі і Расіі – Форуму рэгіёнаў у Віцебскай вобласці і прамысловай выстаўкі ІННАПРАМ-2024 у Екацярынбургу.
У рамках удзелу ў Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме Міхаіл Мятлікаў прысутнічаў на падпісанні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам дзелавой адукацыі БелГПП і Школай экспарту РЭЦ.
На палях Форума старшыня БелГПП сустрэўся з прадстаўнікамі кіраўніцтва Гандлёва-прамысловых палат Масквы і Татарстана, кампаніі В1.