У Мінску ўрачыста адкрыты Міжнародны выставачны цэнтр
8 мая 2025 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў Міжнародны выставачны цэнтр у Мінску.

"Мы адкрываем новую старонку летапісу нашай суверэннай Беларусі. Мы гэты цуд назвалі Мінскім міжнародным выставачным цэнтрам, – заявіў кіраўнік дзяржавы ў час цырымоніі, на якую былі запрошаны прадстаўнікі грамадскасці сталіцы, кампаніі-забудоўшчыка і будаўнічых арганізацый, якія прымалі ўдзел ва ўзвядзенні гэтага аб'екта. – Сучасны, без празмернасцей, які лунае буселам над маляўнічым кутком нашай сталіцы, ён закліканы паказаць свету наш багаты патэнцыял і дасягненні беларускай нацыі".

Гаворачы аб тым, якая задумка рэалізавана ў гэтым цэнтры, кіраўнік дзяржавы расказаў пра свой даўні візіт на ранейшую выставачную пляцоўку ў Мінску, дзе дэманстраваліся дасягненні народнай гаспадаркі. "Я ў яго зайшоў і ахнуў. Я не думаў, што Беларусь умее ўсё гэта рабіць", – сказаў кіраўнік дзяржавы. Цяперашняя моладзь далёка не ўсё ведае пра шырокія магчымасці сваёй краіны, упэўнены Прэзідэнт. Таму вельмі важна сканцэнтраваць у адным месцы ўсё тое, чаго беларусы дасягнулі за гады незалежнасці, сабраць самае лепшае. "Задумка ў мяне была ў тым, каб пабудаваць тут гэты цэнтр, размясціўшы на пастаяннай аснове самыя высокія дасягненні нашай краіны, нашай суверэннай Беларусі – вось тое, што мы зрабілі самі, не ў складзе вялізнай краіны, а самі, беларусы, сваім розумам і сваімі рукамі", – падрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Міжнародным выставачным цэнтры павінна быць пастаянная выстава дасягненняў сучаснай Беларусі. Прычым гэта зусім не перашкаджае праводзіць тут жа тэматычныя экспазіцыі, напрыклад Milex ці "Белагра". "Яны будуць праводзіцца. Для гэтага такія пляцоўкі і створаны. Але павінна быць аснова – пастаянная выстава для таго, каб паказаць, як у музеі, але не ў гістарычным разрэзе, тое, чаго мы дасягнулі на сённяшні дзень.

Плануецца, што ў ліку першых буйных міжнародных мерапрыемстваў, якія прыме МВЦ у Мінску, будзе Еўразійскі эканамічны форум.

Фота
Наверх