
У Беларускай гандлёва-прамысловай палаце адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Эфіопія ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Чама Угалы Урата з беларускімі дзелавымі коламі.
Удзельнікаў сустрэчы вітаў намеснік старшыні БелГПП Дзяніс Мялешкін. Ён адзначыў, што паміж Эфіопіяй і Беларуссю склаліся дружалюбныя дыпламатычныя адносіны і гэта будзе садзейнічаць развіццю гандлёвых адносін: «Тавараабарот расце добрымі тэмпамі, але патэнцыял далёка не вычарпаны. Калі казаць аб сённяшнім мерапрыемстве, цікавасць беларускага бізнесу вялікая – каля 50 арганізацый прысутнічаюць на дзелавой сустрэчы. Дзякуючы такім мерапрыемствам беларускі бізнес даведваецца пра ўмовы гандлю ў Эфіопіі, і гэта садзейнічае росту цікавасці і кантактаў, павелічэнню экспарту нашай краіны».
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чам Угала Урат падкрэсліў, што Эфіопія зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь па самым шырокім спектры напрамкаў. «Палітычныя адносіны паміж дзвюма краінамі знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, і я спадзяюся, што гандлёва-эканамічныя сувязі дасягнуць такога ж узроўню, – адзначыў Пасол. – Што тычыцца прадукцыі, у якой можа быць зацікаўлена Эфіопія, то ў першую чаргу гэта сфера сельскагаспадарчага машынабудавання. З нашага боку хочам расказаць, што Эфіопія – лідэр у вытворчасці кавы, спецый, кветак, а таксама наша краіна гатова прапанаваць матэрыял для вырабу абутку і адзення. Я спадзяюся, што двухбаковыя адносіны будуць у далейшым развівацца, а сферы ўзаемных інтарэсаў пашырацца».
Намеснік Кіраўніка місіі Эфіопіі ў Расіі і Беларусі Роза Ерунэ прадставіла ўвазе ўдзельнікаў ад беларускай бізнес-супольнасці эканамічны патэнцыял Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі Эфіопія, інвестыцыйныя, гандлёвыя і турыстычныя магчымасці гэтай краіны.
Пасля прэзентацый кіраўнікі 12 беларускіх прадпрыемстваў атрымалі магчымасць паразмаўляць непасрэдна з прадстаўнікамі Пасольства ў фармаце В2D-перагавораў, абмеркаваць магчымасці развіцця ўзаемадзеяння з эфіёпскімі кампаніямі, задаць канкрэтныя практычныя пытанні па вядзенню бізнесу з Эфіопіяй.
Акрамя таго, да пачатку мерапрыемства перагаворы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом правялі намеснік старшыні БелГПП Дзяніс Мялешкін і генеральны дырэктар Магілёўскага аддзялення БелГПП Генадзь Чорны. Былі разгледжаны агульныя пытанні ўзаемадзеяння Палаты і Пасольства ў мэтах правядзення мерапрыемстваў для бізнесу, абмену бізнес-місіямі.
У прыватнасці, Магілёўскае аддзяленне БелГПП актыўна разглядае пытанне арганізацыі дзелавога візіту ў Эфіопію сёлета. Пасол Чам Угала Урят выказаў гатоўнасць Пасольства аказаць садзейнічанне ў пошуку партнёраў у Эфіопіі для якаснай арганізацыі дзелавой праграмы візіту.