
З мэтай вывучэння рынку і пошуку патэнцыйных партнёраў, усталявання і развіцця ўзаемавыгадных кантактаў паміж беларускімі і індыйскімі дзелавымі коламі Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты арганізавала дзелавы візіт у Індыю.
Чэнай быў абраны месцам правядзення перагавораў не выпадкова. Горад – адзін з буйнейшых прамысловых цэнтраў краіны, вядомы сваімі высокатэхналагічнымі кампаніямі, асабліва ў галіне інфармацыйных тэхналогій і аўтамабілебудавання. Таксама ў гэты перыяд праходзіла найбуйнейшая ў Азіі міжнародная выстаўка папяровай прамысловасці Paperex South India 2024.
У склад дэлегацыі ўвайшло 14 прадстаўнікоў беларускіх кампаній і арганізацый розных сфер дзейнасці.
На сёння бізнес Беларусі мае вялікую зацікаўленасць ва ўмацаванні ўзаемадзеяння з Індыяй да ўзроўню стратэгічнага партнёрства і гатоўнасці да рэалізацыі сумесных праектаў. Так, цэнтральнай падзеяй дзелавога візіту Мінскага аддзялення БелГПП стала правядзенне бізнес-форуму «Беларусь – Індыя» і B2B-перагавораў. На пляцоўцы Гандлёва-прамысловай палаты Паўднёвай Індыі кіраўнік беларускай дэлегацыі намеснік генеральнага дырэктара па знешнеэканамічных сувязях Мінскага аддзялення БелГПП Ірына Іванова прэзентавала эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі бізнесу Беларусі з мэтай развіцця экспартнага напрамку правялі дзелавыя перагаворы, накіраваныя на магчымасць паставак беларускай прадукцыі і перспектывы стварэння сумесных прадпрыемстваў. Бакі абмеркавалі нюансы вядзення бізнесу дзвюх краін, а таксама магчымыя лагістычныя маршруты.
Па выніках бізнес-форуму адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Гандлёва-прамысловай палатай Паўднёвай Індыі.
У час візіту беларуская дэлегацыя правяла шэраг сустрэч з галоўным сакратаром дзяржаўнага дэпартамента малога і сярэдняга бізнесу і камісарам па прамысловасці - дырэктарам дэпартамента прамысловасці і гандлю штата Таміл Наду.
У рамках дзелавой паездкі адбылося наведванне індустрыяльнага парка Шры-Сіці, прамысловых прадпрыемстваў, а таксама міжнароднай выстаўкі папяровай прамысловасці Paperex South India 2024.
Дзелавы візіт беларускай дэлегацыі ў Чэнай стаў важным крокам на шляху да наладжвання дыялогу паміж беларускімі і індыйскімі прадпрыемствамі і ўмацавання двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.