Традыцыйна ў рамках святкавання Дня горада Мінска, Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам 13 верасня праведзены ў кангрэс-холе гасцініцы “Вікторыя Алімп” Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі бізнесу і ўлады з 29 краін свету і 22 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Усяго ў мерапрыемстве ўдзельнічала бальш як 300 прадстаўнікоў замежжа і Беларусі.
Удзельнікамі форума сталі кіраўнікі адміністрацый, бізнес-асацыяцый, уласнікі і топ-менеджары буйных кампаній, зацікаўленыя ва ўсталяванні і пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прадстаўнікі арганізацый розных форм уласнасці Беларусі, Расіі, далёкага і блізкага замежжа.
Форум наведалі бізнес-дэлегацыі партнёрскіх гандлёва-прамысловых палат і асацыяцый з Валагодскай, Ніжнегародскай, Свярдлоўскай і Смаленскай абласцей, Пермскага края, Масквы, Турцыі, ААЭ і Кітая.
Форум адкрылі старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, прэзідэнт Маскоўскай ГПП Уладзімір Платонаў, мэр Бішкека Айбек Джунушаліеў, кіраўнік Екацерынбурга Аляксей Арлоў. Мадэратарам форума выступіў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка.
З мэтай азнаямлення замежнага бізнесу з асаблівымі ўмовамі адкрыцця прадпрыемстваў у свабодных эканамічных зонах выступілі ТАА «Мінскі гарадскі тэхнапарк» і СЭЗ «Мінск».
Адкрываючы Форум, у сваім выступленні генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка адзначыў, што Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва – гэта бізнес-пляцоўка, якая набірае абароты, набывае свае традыцыі, пашырае геаграфію ўдзельнікаў.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў: «Штогадовае правядзенне гэтага эканамічнага форума дае свае плённыя вынікі. Мы бачым па аналізе інфармацыі, якую атрымліваем ад прадпрыемстваў і арганізацый, што форум дае эфект, бо на гэтай пляцоўцы прадстаўнікі бізнесу могуць знаёміцца, мець зносіны, абменьвацца кантактамі. Гэта вядзе да заключэння ў далейшым узаемавыгадных кантрактаў пагадненняў. Сама ж пляцоўка форума становіцца цікавай для самых розных напрамкаў».
Старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў выказаў падзяку замежным партнёрам і гасцям за высокі інтарэс да мерапрыемства, спадзяванне, што ў ходзе работы на форуме кожны ўдзельнік знойдзе для сябе новыя магчымасці і ацэніць перавагі супрацоўніцтва з Мінскам і краінай у цэлым.
Пасля пленарнай часткі работа форума была працягнута ў трох секцыях: «Стратэгічныя прыярытэты развіцця эканомікі», «Інвестыцыі, інавацыі і магчымасці», «Перспектывы развіцця індустрыяльных паркаў, тэхнапаркаў і СЭЗ Расіі і Беларусі, іх роля ў выбудоўванні эканамічнай і тэхналагічнай незалежнасці».
Спікеры секцыі «Стратэгічныя прыярытэты развіцця эканомікі» асвятлілі найбольш важныя напрамкі эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, г. Пермі, прамысловай кааперацыі ў ЕАЭС, развіццё малога бізнесу ў лёгкай прамысловасці Беларусі; быў прадстаўлены паспяховы кейс прамысловай кааперацыі на прыкладзе ААТ «МТЗ», разгледжаны пытанні лізінгу, фінансавання інтэграцыйных інвестпраектаў у Беларусі, роля біржавых таргоў, пытанні прафадукацыі.
Спікеры секцыі «Інвестыцыі, інавацыі і магчымасці» закранулі пытанні, датычныя механізмаў падтрымкі інвестара, лічбавізацыі гарадскога асяроддзя, крыптавалюты, штучнага інтэлекту ў медыцынскай дыягностыцы.
Спікеры секцыі «Перспектывы развіцця індустрыяльных паркаў, тэхнапаркаў і СЭЗ Расіі і Беларусі, іх роля ў выбудоўванні эканамічнай і тэхналагічнай незалежнасці» расказалі пра падтрымку малога і сярэдняга інавацыйнага і вытворчага прадпрымальніцтва ў тэхнапарках і СЭЗ дзвюх краін, пра магчымасці і перспектывы для развіцця.
Беларускія і замежныя ўдзельнікі – прадстаўнікі бізнесу і дзяржаўных органаў – правялі B2G і B2B-сустрэчы і перагаворы.
У рамках форума адбылася выстаўка беларускіх вытворцаў. Сваю прадукцыю прадставілі прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, кандытарскай галіны, электронікі і прыборабудавання. Па заканчэнні мерапрыемства замежныя ўдзельнікі наведалі прадпрыемствы г. Мінска, дзе азнаёміліся з вытворчым патэнцыялам і магчымасцямі для кааперацыі. Таксама ў рамках знаходжання ў Мінску госці азнаёміліся з яго культурнай спадчынай і гісторыяй.