Стратэгічнае партнёрства Мінска і Масквы атрымала новы імпульс на бізнес-форуме ў расійскай сталіцы
19 верасня 2025 г.

У рамках Дзён Мінска ў Маскве паспяхова прайшоў бізнес-форум «Мінск і Масква: новы драйвер развіцця», які стаў ключавой пляцоўкай для паглыблення эканамічнай інтэграцыі дзвюх сталіц. Мерапрыемства сабрала больш за 70 прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Расіі, якія абмеркавалі актуальныя перспектывы і выклікі двухбаковага супрацоўніцтва.

Стратэгічную значнасць форуму падкрэслілі ў сваіх выступленнях прадстаўнікі ўлады: старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў і кіраўнік Дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязей горада Масквы Сяргей Чаромін.

Уладзімір Кухараў адзначыў: «Гэты форум стане важным крокам для ўмацавання ўзаемаадносін паміж Мінскам і Масквой. За гады сумеснай плённай работы назапашаны вялікі вопыт, які дазваляе дасягаць значных вынікаў. Штогод фіксуецца станоўчая дынаміка, і важна працягваць рух наперад, не спыняючыся на дасягнутым».

Мадэратар форуму, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка, акцэнтаваў увагу на тым, што такія дыялогі неабходныя для фарміравання трывалых партнёрскіх сувязей і рэалізацыі новых маштабных праектаў.

У цэнтры дзелавой павесткі былі практычныя пытанні пашырэння супрацоўніцтва: роля гандлёва-прамысловых палат, развіццё платформы «Масква – Мінск», паляпшэнне ўмоў для інвестараў у СЭЗ і індустрыяльных парках, а таксама ўкараненне новых фінансавых інструментаў для ўзаемных разлікаў. Асобная ўвага была нададзена мерам падтрымкі экспарту беларускіх тавараў і прасоўванню тэхналагічных інавацый.

Ключавым вынікам форуму стала падпісанне канкрэтных дакументаў, накіраваных на ўмацаванне дзелавых сувязей:

· Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж РВГУП «Кіроўная кампанія холдынгу „Беларуская цэментная кампанія“» і ТАА «Гандлёвы Дом „МОСТ“».

· Пагадненне з АТ «Дарожна-будаўнічая кампанія „АЎТАБАН“».

· Кантракт на пастаўку прадукцыі ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» у рознічную сетку «Алтайм».

Завяршыўся форум серыяй B2B-перагавораў, у ходзе якіх прадстаўнікі бізнесу дзвюх краін наладзілі прамыя кантакты і намецілі планы па рэалізацыі сумесных праектаў.

Паралельна з дзелавой праграмай на Цвярской плошчы праходзіць кірмаш беларускіх тавараў, які наглядна дэманструе якасць і разнастайнасць прадукцыі беларускіх вытворцаў, садзейнічаючы ўмацаванню іх пазіцый на расійскім рынку і пашырэнню культурнага дыялогу паміж сталіцамі.

Фота
Наверх