У Омскай вобласці прызначаны прадстаўнік БелГПП
25 верасня 2025 г.

У Омскай вобласці адбылося ўрачыстае адкрыццё прадстаўніцтва Беларускай гандлёва-прамысловай палаты – чацвёртага офіса Палаты на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка ўручыў пасведчанне афіцыйнага прадстаўніка Івану Велічаву, дырэктару ТАА «Холдынг «ВэлКам» (рус.: ООО «Холдинг «ВелКом»). Гэта прызначэнне адкрывае новыя магчымасці для развіцця дзелавога супрацоўніцтва і прасоўвання беларускай прадукцыі на рынках Омскай вобласці і Расіі ўвогуле.

Цырымонія ўручэння адбылася ў рамках візіту губернатара Мінскай вобласці Аляксея Кушнарэнкі ў Омскую вобласць. У ходзе візіту прайшло пасяджэнне Сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве, адкрыццё выставачнай залы беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі на пляцоўцы АТ «База Агракамплект», а таксама пашырэнне мультыбрэндавага цэнтра беларускіх машын на тэрыторыі холдынгу «ВэлКам».

Губернатар Мінскай вобласці падкрэсліў важнасць прысвоенага ТАА «Холдынг «ВэлКам» статусу афіцыйнага прадстаўніка БелГПП: «Адна з найвышэйшых ацэнак, якую Вы сёння атрымалі, – гэта статус афіцыйнага прадстаўніка Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Гэта знак асаблівага даверу, павагі да Вас».

Для даведкі. ТАА «Холдынг «ВэлКам» (рус.: ООО «Холдинг «ВелКом») – адзін з лідараў Омскай вобласці ў пастаўках тэхнікі, запчастак і абсталявання для сельскай гаспадаркі. Кампанія з’яўляецца афіцыйным дылерам буйнейшых расійскіх і беларускіх машынабудаўнічых заводаў і аказвае сэрвіснае абслугоўванне з выязнымі брыгадамі.

Стварэнне новага прадстаўніцтва БелГПП і пашырэнне мультыбрэндавых цэнтраў фарміруе сучасную пляцоўку для эфектыўнага дзелавога ўзаемадзеяння, абмену вопытам і рэалізацыі сумесных ініцыятыў паміж бізнес-структурамі Беларусі і Расіі. Гэтыя крокі накіраваны на ўмацаванне двухбаковых эканамічных сувязей і пашырэнне прысутнасці беларускай прадукцыі на расійскім рынку.

Наверх