У МВЦ BELEXPO ў рамках XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшлі двухбаковыя B2B-перамовы паміж дзелавымі коламі Беларусі і Башкартастана. Вынікам сустрэчы стаў пакет падпісаных пагадненняў – ад прамысловых кантрактаў да ўсталявання пабрацімскіх сувязяў.
Адкрылі бізнес-сустрэчу намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч, першы намеснік Прэм’ер-міністра – міністр эканамічнага развіцця Башкартастана Рустам Муратаў, намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Дзяніс Скабялка.
Выступаючы перад удзельнікамі, Віктар Каранкевіч падкрэсліў, што мерапрыемства праходзіць у рамках важнай падзеі – Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якому надаецца асаблівая ўвага з боку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Паводле яго слоў, менавіта ад актыўнасці прадпрыемстваў і іх накіраванасці на генерацыю новых ідэй непасрэдна залежыць макраэканамічная стабільнасць і рост эканомік абедзвюх краін.
“Сённяшняе мерапрыемства паказвае вялікую цікавасць з боку бізнес-колаў. Гэта рэальная практычная магчымасць для сустрэчы, абмеркавання і рэалізацыі сумесных праектаў, і яна з’яўляецца пэўнай кропкай росту», – адзначыў віцэ-прэм’ер.
Звяртаючыся да прадпрымальнікаў, ён заклікаў іх больш актыўна абменьвацца тэхналагічнымі кампетэнцыямі і дапаўняць адзін аднаго, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што сустрэча стане стартавай пляцоўкай для мноства доўгатэрміновых кантрактаў.
Мерапрыемства аб’яднала больш за 120 суб’ектаў гаспадарання з абедзвюх рэспублік. Перамовы вяліся па шырокім спектры галін: ад машынабудавання, аўтамабілебудавання, нафтагазавага сектара, энергетыкі і будаўніцтва да высокатэхналагічных мікраэлектронікі і IT-сферы. У дыялогу прынялі ўдзел прадстаўнікі ЖКГ, сельскай гаспадаркі, рытэйла і індустрыі HoReCa. Галоўнымі тэмамі дыскусій сталі запуск сумесных вытворчых праектаў, выбудоўванне новых кааперацыйных ланцужкоў, а таксама аўтаматызацыя і лічбавізацыя бізнес-працэсаў.
Практычным вынікам перамоў стала падпісанне шэрагу пагадненняў. У прамысловым сегменце знакавай падзеяй стала падпісанне Дамовы аб супрацоўніцтве паміж ААТ “МАЗ” і ТАА “Новыя прамысловыя тэхналогіі”.
Акрамя камерцыйных кантрактаў, быў зроблены крок ва ўмацаванні міжрэгіянальных адміністрацыйных сувязяў. Пагадненне аб усталяванні пабрацімскіх адносін было падпісана паміж горадам Сцерлітамак Рэспублікі Башкартастан Расійскай Федэрацыі і горадам Баранавічы Рэспублікі Беларусь.